Выстава жывапісу Барыса Семілетава “Фрагменты”
1 кастрычніка а 18.00 гадзіне ў выставачнай залі “Мастацкай галерэі БЕЛАРТ” адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу Барыса Семілетава “Фрагменты”.
Барыс Семілетаў нарадзіўся ў 1956 г. у горадзе Мінску.
З 1971 па 1975 год — вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К.Глебава.
У 1983 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
З 1993 г. сябра Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”.
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Мастацкай галерэі Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прыватных калекцыях Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Швейцарыі, ЗША і інш.
Карціны розных гадоў, якія ўвайшлі ў экспазіцыю дэманструюць магчымасці дэкаратыўнай оптыкі майстра, якая факусуецца на цікавых рытмічных і каларыстычных структурах — фрагментах асяроддзя. Уменне “бачыць свет у адной пясчынкі” характэрна для ўсёй творчасці жывапісца. Праз эстэтыку фрагмента ён разважае пра адвечныя катэгорыі філасофіі і мастацтва.
Большасць з прадстаўленых работ можна аднесці да жанру краявід: куточак сквера або сада, цяпліца, від на дахі дамоў альбо на бераг ракі — убачаныя і адлюстраваныя з дапамогай пазнавальнага аўтарскага фільтру.
У нацюрмортах Барыс Семілетаў пераўтварае неадушаўлёныя прадметы ў расказчыкаў захапляльных гісторый. Пішучая машынка або аўтамабільны акумулятар — гэта зыходная кропка пры дапамозе якой глядач можа “напісаць” займальны аповед з разнастайнымі перыпетыямі.
Відавочна, што мастак з асаблівай цікаўнасцю і ўважлівасцю глядзіць на навакольны свет, самыя разнастайныя праявы якога становяцца нагодай для яго жывапісу. Гэтаму творчаму бачанню, уменню здзіўляцца і радавацца простым рэчам можа навучыцца і глядач выстаўкі “Фрагменты” Барыса Семілетава.
Экспазіцыя працуе з 30 верасня па 12 кастрычніка 2025 г.
Уваход вольны.
ВУП «Мастацкая галерэя БЕЛАРТ»
Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 4
панядзелак - пятніца: 11.00-20.00
субота: 11.00-19.00

